ВЫГАНАШЧА́НСКАЕ ВО́ЗЕРА,

Выганаўскае возера, у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., на водападзеле р. Шчара і Ясельда, за 37 км на У ад г. Івацэвічы, на тэр. гідралагічнага заказніка Выганашчанскае. Пл. 26 км², даўж. 7 км, найб. шыр. 4,8 км, найб. глыб. 2,3 м, даўж. берагавой лініі 21 км. Пл. вадазбору 87,1 км². Схілы катлавіны спадзістыя, пераважна забалочаныя. Берагі нізкія, тарфяністыя, пад хмызняком, на Пн і Пд сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, у зах. ч. шматлікія мелі. З Пн на Пд возера перасякае Агінскі канал. Вылучаецца відавым багаццем вышэйшых водных раслін і наяўнасцю прыбярэжнай разнатраўна-асакова-злакавай сплавіны шыр. да 150 м. Мноства вадаплаўных птушак. Зарастае.

т. 4, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)